У Менску арыштоўвалі ўдзельнікаў акцыі «МТС па-беларуску»
У Менску каля офіса апэратара мабільнай сувязі МТС на праспэкце Незалежнасьці прайшла акцыя з заклікам перавесьці абслугоўваньне абанэнтаў на беларускую мову.
У акцыі «МТС па-беларуску» прынялі ўдзел актывісты арганізацыі «Моладзь БНФ» і «Малады Фронт». Як распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з арганізатараў пікету Франак Вячорка, моладзевыя актывісты ўсталявалі насупраць офіса МТС стэнд кампаніі «МТС па-беларуску», раздавалі сьцяжкі і зьбіралі подпісы ў мінакоў з заклікам да МТС перавесьці галасавы сэрвіс і пакет дакумэнтаў абанэнтаў кампаніі на беларускую мову. Плянавалася таксама перадаць у офіс МТС адпаведны зварот вядомых людзей Беларусі.
Аднак на месца акцыі прыбылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі шасьцярых з 20 удзельнікаў акцыі. Затрыманыя былі, у тым ліку, сам Франак Вячорка, адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Іван Шыла. Таксама быў затрыманы салігорац Глеб Сноркін.
У аддзяленьні міліцыі Першамайскага раёна апазыцыянэраў пратрымалі больш за гадзіну і, перапісаўшы іх пашпартныя дадзеныя, вызвалілі.
«Здаецца, што менская міліцыя працуе ўжо «на аўтапілоце». І у гэты раз спрацавала перастрахоўка саміх міліцыянтаў. Але я думаю, што пасьля гэтага кампанія МТС павінная зьвярнуць увагу на беларусізацыю сваіх паслуг», -- сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 Франак Вячорка пасьля вызваленьня.
