навіны
Малады Фронт і Моладзь БНФ падтрымалі
ініцыятыву блёгера
Увесну салігорскі блёгер Лёкса (ljoksa.livejournal.com) распачаў чарговую спробу па беларусізацыі аднаго з буйнейшых апэратараў сотавай сувязі МТС.

Блёгеры з усёй краіны дасылалі распаўсюджаны зварот у кампанію. "Мабільныя Тэлесыстэмы", спасылаючыся на Закон "Аб мовах", не жадалі ісьці насустрач, але ж блёгеры не здаваліся. У выніку напрыканцы лета буйнейшыя СМІ Беларусі абляцела вестка нібыта МТС усё ж такі пераходзіць на беларускую. Аднак роднай мовы ў слухаўках беларусы не пачулі дагэтуль.

Газэта "Свабодны Салігорск" зьвярнулася ў прэс-службу кампаніі з афіцыйным запытам на гэты конт. Як высьветлілася, "інфармаваньне абанэнтаў пры тэлефанаваньні на нумар "Мабільнага Памагатага" і Кантактнага цэнтру вядзецца на адной зь дзьвюх дзяржаўных моў." Да таго ж "стварэньне IVR-модуляў на беларускай мове патрабуе дадатковага месца на IVR-плятформе, а высокі кошт закупкі такога рэсурсу пакуль стрымлівае магчымасьць СТАА "Мабільныя ТэлеСыстэмы" ажыцяўляць гукавое інфармаваньне абанэнтаў кампаніі на большай чым зараз колькасьці моў".

Тым часам ініцыятыву блёгераў вырашыў падтрымаць "Малады Фронт", які бліжэйшым часам сумесна з "Моладзьдзю БНФ" распачынае інфармацыйную кампанію, збор подпісаў і іншыя мерапрыемствы па беларусізацыі МТС. Арганізатары заклікаюць усіх беларусаў падтрымаць яшчэ адзін наступ на кампанію сотавай сувязі ў барацьбе за мову.


Алесь Міхалок



© МТС па-беларуску | грамадзянская кампанія 2008 Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org, САЛІГОРСК.org, Маладога Фронта, Моладзі БФН Распрацоўка : ili4.