Ці зьявіцца беларускі апэратар сувязі?
Аргкамітэт кампаніі "Мабільная сувязь па-беларуску" зьвярнуўся да life;)
Зьяўленьне ў беларускай інфармацыйнай прасторы новага брэнду падштурхнула арганізатараў кампаніі па беларусізацыі мабільнай сувязі зьвярнуцца да новага дырэктара ЗАТ "Беларкская сетка тэлекамунікацый".
У звароце адзначаецца, што брэнд life:) абяцае агрэсіўна стымуляваць канкурэнцыю, таму стварэньне беларускамоўнай вэрсіі аўтаматычнай галасавой службы і сайту падвысіць канкурэнтаздольнасьць брэнду. Таксама ініцыятары беларусізацыі мабільнай сувязі нагадваюць, што такія буйнейшыя кампаніі сьвету, як Renault, Samsung, Halina Blanca, Nescafe, Apple, пры прасоўваньні сваіх прадуктаў на беларускім рынку абіраюць беларускую мову, а кампаніі МТС і Velcom ужо зрабілі першы крок насустрач кліентам і прызэнтавалі беларускамоўныя вэрсіі сайтаў кампаній. Акрамя таго ў лісьце паведамляецца пра , што нават польскі апэратар Heyah пасьля аднаго дасланага ліста зрабіў беларускую вэрсію свайго сайту.
Тэкст звароту:
Паважаны Азджан Эрміш, звяртаемся да Вас з важным для беларусаў пытаннем і прапановаю.
Кампанія БеСТ абвясціла аб сваім рэбрэндзінге. Афіцыйны сайт life:) сцвярджае, што гэта малады і аптымістычны брэнд, які імкнецца сфармаваць асаблівы тон зносін з маладой аўдыторыяй. life:) паважае індывідуальнасць кожнага маладога чалавека, падтрымлівае імкненні да асабістай свабоды. life:) разбурае стэрэатыпы і ўсталёўвае трэнды.
Вельмі прыемна адзначыць, што БеСТ быў адзіным аператарам, які меў магчымасць выбару аўтаматычнай галасавой службы па-беларуску. На жаль на дадзены момант брэнд life:) мае такую службу толькі на двух мовах: рускай і англійскай. Тым ня менш нас, як беларускамоўных карыстальнікаў паслуг Вашай сеткі, вельмі хвалюе адсутнасць магчымасці паўнавартасна атрымліваць паслугі Вашай кампаніі на сваёй роднай мове.
Паводле артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнаю моваю ў краіне. Ня гледзячы на гэта беларускае заканадаўства, на вялікі жаль, не дае адназначнага адказу аб неабходнасці выкарыстоўваць беларускую мову пры зносінах з кліентамі. Але ж кожная кампанія дзейнічае ня толькі ў межах заканадаўства, але і ў інтарэсах кліентаў.
Падчас апошняга перапісу каля 85% насельніцтва роднай мовай назвалі беларускую. Думаю, што сярод цяперашніх і патэнцыйных карыстальнікаў паслуг Вашай кампаніі гэтыя лічбы будуць падобнымі. Упэўнены, што пачуўшы ў слухаўцы родную мову павага да Вашае кампаніі і жаданне карыстацца яе паслугамі ў іх толькі ўзрасце. Да таго ж, ужо даўно ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што беларуская мова ёсць знакам элітарнасці. Буйнейшыя кампаніі свету пры прасоўванні сваіх прадуктаў на беларускім рынку абіраюць беларускую: Renault, Samsung, Halina Blanca, Nescafe, Apple. Кампаніі МТС і Velcom ужо зрабілі першы крок насустрач кліентам – былі прызэнтаваны беларускамоўныя версіі сайтаў кампаній. Сацыялагічныя апытанні і апытанні на старонках буйнейшых інтэрнэт-сайтаў сведчаць на карысць беларускай мовы.
Некалькі месяцаў назад беларускія блогеры пачалі кампанію за стварэнне мабільнымі аператарамі (у прыватнасці МТС) беларускамоўных версій аўтаматычных галасавых сэрвісаў. Нядаўна блогераў падтрымалі беларускія моладзевыя арганізацыі, з’явіліся нават сайты (belmts.info) і суполкі ў сацыяльных сетках прысвечаныя гэтай тэме.
Хацелася б адзначыць, што нават польскі аператар Heyah пасьля аднаго дасланага ліста зрабіў беларускую версію свайго сайту (http://heyah.pl/bialorus_by/). Таксама чэшскае падраздзяленне Vodafone выкарыстоўвае галасавое самаабслугоўванне для сваіх абанентаў "нагаворанае" таксама і па-беларуску.
На прэсавай канферэнцыі 3 снежня вы заявілі аб тым, што ваша кампанія будзе агрэсіўна стымуляваць канкурэнцыю. Упэўненыя, што стварэнне беларускамоўнай версіі аўтаматычнай галасавой інфармацый службы і сайту падвысіць канкурэнтаздольнасць брэнду life:), а ўсмешак на тварах беларускамоўных карыстальнікаў паслуг вашай кампаніі стане заўважна больш.
Просім паведаміць аб прынятым Вамі рашэнні.
Аргкамітэт ініцыятывы “Мабільная сувязь па-беларуску”
