навіны
Калі ў беларусаў зазьвіняць мабільнікі?
(альбо аб беларусізацыі слухавак)
Хачу зьвярнуцца да суайчыньнікаў, якім не абыякавы лёс сваёй мовы, сфэры яе ўжываньня й разьвіцьцё згодна патрабаваньням часу.

Нядаўна мы набылі новую слухаўку Samsung. Тэлефон добры, стылёвы дызайн, у наладках ёсьць 16 моваў, на якіх можна ўсталяваць мэню, у тым ліку амаль усіх нашых краінаў-суседзяў – расейскай, украінскай, літоўскай, латыскай. Але няма беларускай!? Сучасныя слухаўкі можна ўсталяваць нават на македонскай (ёсьць такая невялічкая краіна ў Эўропе) й басьнійскай (хоць само існаваньне такой мовы можна паставіць пад сумнеў – у свой час мяне вучылі ў школе, што існуе сэрба-харвацкая мова, але факт застаецца фактам), арабскай мовах. І гандляр, што прадаў нам слухаўку (як і ўсе магчымыя іншыя дылеры й прадстаўнікі сотавых кампаній Беларусі), нічога ня змог выправіць і нават адказаць на пытаньне “Чаму на Беларусі няма мэню тэлефона на беларускай мове?”, бо гэта пытаньне не зь яго кампэтэнцыі. Такім чынам, трэба сказаць, што дагэтуль Беларусь застаецца, напэўна, адзінай краінай у Эўропе, для якой не вырабляюцца мабільныя тэлефоны з мэню на нацыянальнай мове. Гэта проста непавага, абраза нашай краіны, разгляданьне яе толькі як тэрыторыі для збыту сваіх тавараў, часам “шырокаспажыўных”. Нягледзячы на больш, чым 70-гадовае панаваньне на тэрыторыі Беларусі камуністычнага рэжыму, які праводзіў актыўную палітыку русыфікацыі, згодна з апошнім перапісам насельніцтва Рэспублікі Беларусь 1999 году, беларускую мову лічаць роднай 81,9% жыхароў. Хоць вялікая колькасьць насельнікаў краіны размаўляе на рускай, беларуская мова зьяўляецца пэўным чынам элітарнай, ёй карыстаюцца паўсядзённа больш адукаваныя, інтэлектуальныя, “прасунутыя” людзі. Таксама тут трэба заўважыць, што з разьвіцьцём сотавай сувязі на Беларусі, пашырэньнем кола карыстальнікаў, зьяўляюцца спажыўцы, якія хацелі б карыстацца слухаўкамі менавіта на сваёй мове. Я, напрыклад, бяз цяжкасьцяў знайшоў толькі сярод сваіх блізкіх сваякоў, знаёмых і сяброў паўтара дзесятка чалавек, што актыўна падтрымалі гэтую прапанову. Пра тое, што попыт на беларускамоўныя слухаўкі існуе, сьведчыць той факт, што на нашым рынку ўжо пэўны час (мне вядома, што больш за год) саматужна аматарамі-праграмістамі праводзіцца беларусізацыя тэлефоннага софту. Зараз ідзе гаворка, каб беларусізаваць праграмнае забесьпячэньне Windows.

Тут я хацеў бы заўважыць, што пэўным лідэрам на беларускім рынку слухавак зьяўляецца паўднёвакарэйская карпарацыя Samsung. Яна ня толькі мае адно з вядучых месцаў па продажы, сэртыфікавала не асобныя свае мадэлі, а й саму вытворчасьць, але й лідзіруе ў “беларусізацыі” - ўжо працяглы час трывала дае слоганы сваёй прадукцыі ў вонкавай, тэлевізійнай рэкляме на беларускай мове – мове карэннай нацыянальнасьці нашае краіны. Тут жа заўважу, што ў карпарацыі Samsung ёсьць пэўны патэнцыял ў гэтай сфэры – ў сярэдзіне 2005г. у Сеціве на некалькіх сайтах зьявілася інфармацыя, што Samsung зьбіраецца беларусізаваць софт сваіх слухавак. Але прыблізна праз 1,5 гады стала вядома, што карпарацыя адмяніла гэтыя свае пляны. Такім чынам, беларусізацыя тэлефоннага софту, на маю думку, хутчэй за ўсё адбылося б праз гэтую кампанію. У самы бліжэйшы час яна магла б даслаць новае беларускамоўнае праграмнае забесьпячэньне у Ваш фірмовы рамонтна-сэрвісны цэнтар “Аспірс”. А займае тэкст праграмы, як мне казалі спэцыялісты, каля двух старонак, пераклад можна было б зрабіць з дапамогаю Таварыства беларускай мовы імя Фраццішка Скарыны. Наколькі мне вядома, кампанія Samsung ужо супрацоўнічала з гэтай знакамітай на Беларусі арганізацыяй для перакладу тэкстаў рэклямы іншай сваёй прадукцыі на беларускую мову. Выхад на беларускі рынак кампаніі па вырабу сродкаў мабільнай сувязі з беларускамоўнымі слухаўкамі дазволіў бы дасягнуць і ёй самой пэўных мэтаў:

• заняць новую рынкавую нішу дзякуючы асаблівай заўважнасьці сярод іншых тавараў, арыгінальнасьці сваёй прадукцыі;
• павысіць прэстыж гандлёвай маркі;
• дазволіць дасягнуць пэўных фундамэнтальных, этна-сацыяльных мэтаў у нашай краіне пры ўдзеле менавіта гэтай кампаніі;
• у самы бліжэйшы час падштурхне да выбару менавіта прадукцыі гэтай кампаніі сярод іншых марак слухавак некаторых беларускіх пакупнікоў – як я й некалькі маіх знаёмых.

Для справы беларусізацыі я сам ужо зрабіў пэўныя высілкі: спачатку напісаў ліст-просьбу ў галоўны офіс карпарацыі Samsung у Сэуле, а таксама ў рэгіянальнае прадстаўніцтва ў Кіеве (наколькі мне вядома, на Беларусі зараз няма ўласнага фірмовага цэнтру продажу слухавак). Але “маўчаньне было мне адказам” – гэта, на жаль, ня дала выніку – мабыць, “адзін ў полі не ваяр”! Калі б гэтаму вытворцу прыйшло шмат лістоў з патрабаваньнямі, гэта было б большаю падставай, каб зрушыць сытуацыю. Потым я зьвязаўся непасрэдна з прадстаўніком Samsung-у на Беларусі, але яна не змагла сама чымсьці дапамагчы – пры ўсёй моцы, гэты мэнэджэр сама не прымае рашэньні такога ўзроўню. Мае спробы зьвярнуцца да афіцыйных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць дзейнасьць у галіне мабільнай сувязі й сотавых апаратаў не далі станоўчага выніку – прыйшлі фактычна бюракратычныя адпіскі, а якіхсьці захадаў зроблена ня было. Рэальнаю мераю было б тое, каб, вытворцам сотавых тэлефонаў паведамілі, што ў бліжэйшы час на Беларусі будуць стандартызавацца толькі тыя новыя слухаўкі, у якіх можна ўсталяваць мэню на беларускай мове. Але Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі фактычна заявіў, што не аказвае ўплыў на стандартызацыю саміх слухавак. Між радкоў ліста Міністэрства сувязі й інфарматызацыі чытаецца, што мэню ў сотавых тэлефонах у Беларусі й ня будзе на нацыянальнай мове, а дзяржаўны орган, што рэгулюе й каардынуе дадзеную галіну, павінен садзейнічаць яе разьвіцьцю, згодна са сваімі асноўнымі задачамі (з якімі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце) нічога й не зьбіраецца тут рабіць. Гэта гаворыць аб тым, што існуючая ўлада ня толькі забюракратызаваная па сваёй сутнасьці, але й ня дбае аб “беларускасьці”, нацыянальных інтарэсах краіны!
Пад канец хачу зьвярнуцца да чытачоў газэты з просьбаю даслаць лісты (пажадана на ангельскай мове) ў кампанію Samsung, як найбольш “прасунутую” ў гэтым пытаньні, па адрасе:

Samsung Electronics Co. Ltd
Samsung Main Bldg.,
250 Taepyung Ro, 2Ga, Chung Ku,
Seoul
KOREA, 100 742,

з просьбаю распрацаваць софт для мабільных тэлефонаў на Беларусі на беларускай мове. А таксама выказаць свае меркаваньні па гэтым пытаньні - буду рады прапановам і ўдакладненьням, якія можна даслаць мне (адрас і тэлефон знаходзяцца ў рэдакцыі ці на e-mail: via123cheslav@tut.by).

Вячаслаў К., г.Мінск


© МТС па-беларуску | грамадзянская кампанія 2008 Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org, САЛІГОРСК.org, Маладога Фронта, Моладзі БФН Распрацоўка : ili4.